2018 г. — 75 гадоў з пачатку выдання газеты «За Родину» (1943–1944), органа Брэсцкага абласнога антыфашысцкага камітэта
У ліпені 1943 г. па ўказанні ЦК КП(б)Б на базе міжраённага «Камітэта барацьбы з нямецкімі акупантамі» (арганізаваны 12 мая 1942 г.) быў створаны Брэсцкі абласны антыфашысцкі камітэт, які працаваў пад кіраўніцтвам Брэсцкага падпольнага абкама КП(б)Б. Сакратаром антыфашысцкага камітэта быў Іосіф Паўлавіч Урбановіч (1907–1944), яго намеснікам, другім сакратаром — Мірон Емяльянавіч Крыштафовіч (1899–1985). Камітэт знаходзіўся ў распалажэнні партызанскай брыгады імя П. К. Панамарэнкі Брэсцкага злучэння. Вёў арганізацыйную і палітыка-масавую работу па ўзмацненні барацьбы насельніцтва і партызанскіх атрадаў супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Напярэдадні вызвалення Брэстчыны ад акупантаў камітэт аб’ядноўваў у 11 раённых арганізацыях 422 ячэйкі, якія налічвалі 1 893 падпольшчыкаў.
3 красавіка 2017 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Іосіфа Паўлавіча Урбановіча (1907–1944), аднаго з кіраўнікоў антыфашысцкага падполля і партызанскага руху на тэрыторыі Брэсцкай вобласці
Іосіф Паўлавіч Урбановіч нарадзіўся 3 красавіка 1907 года ў вёсцы Шэйпічы Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці). Сям’я Урбановічаў пры нашэсці Германіі, як і большасць насельніцтва заходніх абласцей Беларусі, эвакуіравалася ўглыб Расіі, у Сімбірскую губерню,на станцыю Майны, дзе і жыла да 1921 года.